«ТРЭЦЯЧЭ́РВЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ»,
пашыраная ў гіст. л-ры назва паліт. рэжыму ў Расійскай імперыі пасля падзей 3(16).6.1907 (роспуск 2-й Дзярж. думы, новае выбарчае заканадаўства, якое істотна абмежавала выбарчыя правы рабочых, сялян і жыхароў нац. ускраін), якія многія гісторыкі разглядаюць як дзярж. пераварот і канец рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1907 — пач. 1917 у Расіі працягвала фарміравацца канстытуцыйна-дуалістычная манархія, дзе заканад. ўлада належала імператару і двухпалатнаму (Дума і Дзярж. савет) парламенту, вышэйшая выканаўчая — імператару і адказным перад ім міністрам, вышэйшая суд. і кантрольная — Сенату. Аднак паводле заканадаўства 1906 («Збор асноўных законаў Расійскай імперыі») імператар заставаўся носьбітам самадзяржаўнай (абсалютнай) улады. Пытанне аб дзярж. форме кіравання ў Расіі ў 1907 — лют. 1917 застаецца дыскусійным. Напр., паводле класіфікацыі рас. правазнаўца В.Чыркіна, Расія ў той час валодала сегментарнай дзярж. формай, якая дапускала пэўны падзел функцый паміж рознымі дзярж. ін-тамі пры ажыццяўленні паліт. улады, але пры адсутнасці сістэмы стрымліванняў і проціваг галін улады фактычна дамінавала выканаўчая ўлада ў асобе імператара. Пры правядзенні праз Думу розных па сац. накіраванасці законаў урад звычайна апіраўся на блокі найб. шматлікай, праваліберальнай фракцыі акцябрыстаў з памяркоўна-правымі дэпутатамі або, наадварот, з леваліберальнай фракцыяй кадэтаў (тактыка банапартызму). Урад П.А.Сталыпіна (1906—11) праводзіў агр. і інш. рэформы, рашуча і жорстка змагаўся з рэв. рухам. Ва ўмовах 1-й сусв. вайны ўлада імператара ўзмацнілася, 16.9.1915 прыпынена дзейнасць Дзярж. думы. Працяглы ўрадавы крызіс 1915—17 (змяніліся 4 старшыні ўрада, шмат міністраў) непасрэдна папярэднічаў Лют. рэвалюцыі 1917, якая паклала канец «Т.м.».
Літ.:
Чиркин В.Е. Элементы сравнительного государствоведения. М., 1994. С. 22—24;
Сташкевіч М. Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст.—люты 1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1999. № 4.
М.С.Сташкевіч.
т. 16, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)